БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу, грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989. Праводзіць навук. канферэнцыі, творчыя сустрэчы, лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, культ.-асв. работу. Мае філіялы — Т-ва бел. мовы імя Ф.Скарыны і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў. У 1992 намаганнямі БГКТ на месцы масавых расстрэлаў сав. грамадзян у г.п. Левашова пастаўлены памятны крыж ахвярам з Беларусі і Літвы, падрыхтавана кніга «Мартыралог беларусаў Ленінграда». Прымае ўдзел у міжнар. і бел. навук. канферэнцыях, з’ездах беларусаў свету і блізкага замежжа і інш. Калектыў мастакоў «Маю гонар» наладжвае выстаўкі ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)